Міжнародны дзень роднай мовы

 

      Адкрываю, як свет, нанова

беларускае роднае слова,

пералівістае – як каменьчык,

вясёлкавае – як ручэй,

цёплае – як агеньчык

добрых тваіх вачэй.

 А.Канапелька

 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Чаму для святкавання быў абраны гэты дзень?  21 лютага ў далёкім для нас 1952 годзе загінулі 5 студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бенгалі стуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш. Адзначаецца гэты дзень з 2000 года.

Па дадзеных ЮНЕСКА ў свеце існуе больш за 6000 моў, 95% з якіх знаходзіцца ва ўжытку ў насельніцтва планеты. Частка моў не мае  сваёй пісьменнасці. Больш за палову існуючых моў свету знаходзяцца на мяжы вымірання. Тысячы моў не выкарыстоўваюцца ў сістэме адукацыі і не прадстаўлены ў Інтэрнеце. Кожны месяц знікаюць 2 мовы. Яшчэ нядаўна налічвалася да 8000 самастойных моў. Сёння іх на 2000 менш.

Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання.

Родная мова шмат не патрабуе. А калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак.  Згодна з апошнім перапісам насельніцтва , які адбыўся ў 2019 годзе, 61,2 % беларусаў назвалі роднай беларускую мову, а гэта  5,09 мільёнаў чалавек.  Калі хоць частка з іх  падумае аб  лёсе  роднай мовы , значыць, не ўсё яшчэ страчана.

Самая мілагучная, багатая, жывая, песенная і старажытная... Беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.

Аўтар  Ленец А.Л., выкладчык беларускай мовы і літаратуры

Оставить комментарий

Вы комментируете как Гость.